21 лютага Міжнародны дзень роднай мовы, міжнародны дзень матчынай мовы (на іншых афіцыйных мовах ААН: англ.: International Mother Language Day, ісп.: Día Internacional de la Lengua Materna, фр.: la Journée internationale de la langue maternelle, араб. اليوم العالمي للغة الأم, кіт.: 國際母語日, руск.: Международный день родного языка) — адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА па прапанове Бангладэш (1999). Мае на мэце заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу. Дзень святкавання — 21 лютага быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.
Свята было заснавана рашэннем 30‑й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года і адзначаецца з 2000 года[1] ЮНЕСКА мае намер стварыць сістэму адсочвання стану моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, і садзейнічаць выпраўленню становішча. Паводле ацэнак ЮНЕСКА палова з 6 тысяч моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікнення[2]. Генеральная Асамблея ААН падтрымала рашэнне пра абвяшчэнне Міжнароднага дня роднай мовы[3] і заклікала дзяржаў-членаў ААН і Сакратарыят ААН садзейнічаць абароне і захаванню ўсіх моў народаў свету.